Поиск по этому блогу

вторник, 23 июля 2024 г.

З архіву. Аб родным горадзе – з любоўю

У самым канцы 2006 года культурнае жыццё Гомеля азнаменавалася прыкметнай падзеяй: у Славянскай бібліятэцы горада адбылася прэзентацыя новай кнігі вядомага беларускага краязнаўца, доктара філалагічных навук Аляксандра Фёдаравіча Рогалева “Ад Гаміюка да Гомеля. Гарадская даўніна ў фактах, імёнах і асобах”.

Аўтара грунтоўнага і вельмі вялікага па аб’ёме даследавання (звыш 25 умоўна-друкаваных аркушаў) можна смела назваць летапісцам роднага Гомеля. На працягу многіх гадоў ён вывучае гомельскія старадаўнасці. Прафесара Рогалева цікавіць літаральна ўсё: малавядомыя гістарычныя факты; узнікненне і фарміраванне гарадскіх вуліц і раёнаў; мясцовыя легенды і паданні; асобы, з якімі звязана станаўленне Гомеля; вытокі прозвішчаў паўднёва-усходняй Беларусі; паходжанне геаграфічных назваў і многае іншае.  Таму і кніга “Ад Гаміюка да Гомеля” адрозніваецца энцыклапедычнасцю. Мастацкі ж стыль выкладання, які ўласцівы даследчыку, робіць яго працу даступнай не толькі спецыялістам, але і шырокаму колу чытачоў.

Прыкметна, што першы тыраж кнігі хутка разышоўся, так што давялося тэрмінова друкаваць другі тыраж, каб задаволіць попыт чытачоў. Заўважым, што кнігі А. Ф. Рогалева паспяхова выкарыстоўваюцца ў навучальным працэсе. Дарэчы, кнігу “Ад Гаміюка да Гомеля” выдала прыватнае таварыства “Барк”, якое спецыялізуецца якраз на выданні кніг краязнаўча-гістарычнай і мастацкай тэматыцы і вядома ў Гомелі і вобласці сваімі добрымі і карыснымі асветніцкімі справамі.

Вось што расказаў нам аб сваёй кнізе і абставінах яе напісання сам аўтар. “Я з ліку тых нешматлікіх карэнных жыхароў Гомеля, якія ведаюць і помняць свой радавод. У школьныя гады мяне асабліва цікавілі гісторыя, геаграфія і літаратура. Перапляценне гэтых навук ляжыць у аснове маёй кнігі. У яе загалоўку адлюстраваны выключна мясцовы факт. Гаміюк – гэта старажытная рэчка, якая ўпадала ў Сож на тэрытоыі сучаснага гомельскага парку. Ля вытокаў Гаміюка і Сожа узнік Гомель.

Яшчэ будучы студэнтам, я паставіў перад сабой задачу знайсці вытокі Гаміюка – не ў літаральным, а ў пераносным, зразумела, сэнсе, гэта значыць рэканструяваць тое гомельскае мінулае, якое не зафіксавана ў пісьмовых помніках. Крок за крокам я шукаў і апісваў старажытную мясцовую гісторыю чвэрць стагоддзя.

Я даношу да людзей тое, чаго яны не знаходзяць нават у самых новых гістарычных энцыклапедыях. Мой аўтарскі прынцып – расказваць невядомае аб вядомым. У маёй кнізе, напрыклад, апісана сістэма асабістых імёнаў старажытных жыхароў Пасожжа – радзімічаў і паказана, як узніклі сучасныя прозвішчы гамяльчан. Там жа, у кнізе, можна знайсці расказ пра жыццё жыхароў Гомеля з XII па XX стагоддзе. Многіх, спадзяюся, зацікавіць апавяданне пра апошнюю гомельскую княгіню Ірыну Іванаўну Паскевіч-Эрыванскую, якая памерла ў 90-гадовым узросце ў Гомелі ў 1925 годзе і была першым прызнаным у Расіі і Францыі перакладчыкам на французскую мову знакамітага рамана Льва Талстога “Вайна і мір”. На жаль, пра гэта у нас мала хто ведае. Увогуле ў кнізе тлумачацца і апісваюцца некалькі тысячаў культурна-гістарычных і моўных фактаў.

Мяне вельмі непакоіць тое, што многія нашы сучаснікі кіруюцца ў жыцці пераважна матэрыяльным пачаткам. Сваёй кнігай я імкнуся абудзіць і чалавечую душу і памяць людзей. Я ўпэўнены, што прагназаваць будучыню, планаваць заўтрашні дзень можна толькі пры ўмове, калі мы будзем вывучаць, добра ведаць і шанаваць мінулае”.

Дададзім да сказанага аўтарам, што выхад новай кнігі прафесара Рогалева адбыўся напярэдадні яго пяцідзесяцігоддзя. Пажадаем гэтаму таленавітаму і вельмі сціпламу ў жыцці чалавеку, які любіць свой родны Гомель самааддана і бескарысліва, новых творчых здзяйсненняў, далейшых цікавых і карысных даследаванняў. 

Людміла Ермачэнка.

г. Гомель.

Снежань. 2006 год.