Поиск по этому блогу

воскресенье, 23 июля 2023 г.

Агульная характарыстыка тапаніміі Жлобінскага раёна (Беларусь)

 


Сярод геаграфічных назваў Жлобінскага раёна ёсць ўсе асноўныя тапанімічныя мадэлі, характэрныя для тапаніміі Беларусі і ўсходнеславянскага арэала ўвогуле.

Найбольш старажытнымі з’яўляюцца назвы водных аб’ектаў (гідронімы) Днепр, Добасна, Окра, Ала. Назвы некаторых населеных пунктаў (напрыклад, Верхняя Алба, Ніжняя Алба, Мормаль, Рэкта, Рудзенка, Радуша, Замен-Рыння і іншыя) утварыліся ад гідронімаў і таму фармальна таксама могуць быць далучаны да ліку старажытных геаграфічных найменняў краю.

Са старажытнарускім часам звязаны такія назвы пасяленняў на -ін, -ын, як Жлобін, Стрэшын, Радуцін. З глыбокай старажытнасці і да канца XVI стагоддзя ўзнікалі назвы населеных пунктаў на -ічы, -ыцы. У жлобінскай тапаніміі такіх назваў нямала – Пірэвічы, Яшчыцы, Кароткавічы, Плесавічы, Малевічы, Казловічы, Пякалічы, Васілевічы, Мікулічы, Гармавічы. Думаецца, што вёскі, якія носяць ці насілі гэтыя найменні, узніклі часткова ў старажытнарускі час, а часткова ў перыяд Вялікага княства Літоўскага, але абавязкова да канца XVI стагоддзя.

З канца XVI стагоддзя і асабліва ў XVIIXIX стагоддзях утвараліся назвы населеных пунктаў на -аўка, -ёўка, -оўка, -еўка (напрыклад, Кабанаўка, Антонаўка, Лебядзёўка, Піцераўка, Бабоўка, Асінаўка, Аляксандраўка, Жырхаўка, Калінаўка, Касакоўка, Салтанаўка, Баранаўка, Калыбаўка, Баршчоўка, Гарбачоўка, Клімаўка, Людгардаўка, Малінаўка, Мар’еўка, Селівонаўка).

Назвы на , тыпу Папкі, Праскурні, Грачухі, Навікі, Таўстыкі, Сцяпы, Браткі, Касагі трэба адрозніваць ад фармальна падобных найменняў Горкі, Адрубы, Ляды, Лукі, Нівы, Ніўкі, Кругі, Навозы, Селішчы, Ліпы, Галы, Печкі. Першыя з іх лічацца так званымі радавымі абазначэннямі жыхароў (першапасяленцаў). Другія ўказваюць на пэўныя прыродныя асаблівасці мясцовасці (Горкі, Лукі, Ліпы, Галы, Кругі), на рэаліі, звязаныя з дзейнасцю чалавека (напрыклад, Адрубы, Нівы, Печкі), ці на тып пасялення (Селішчы).

Радавыя тапонімы пры сваім узнікненні не выдзялялі імя аднаго чалавека з населенага пункта, а называлі адразу ўсіх людзей, паколькі ўсе мелі аднолькавыя імя ці мянушку. Такія назвы маглі ўтварацца як вельмі даўно, так і ў параўнальна новы час.

Многія назвы на -аўка, -оўка, -ёўка, -еўка, а таксама на -ін, -аў, -ава, -оў (Гелін, Кіцін, Шыхаў, Казімірава, Александроў) утвараліся ад асабістага імені заснавальніка пасялення, які ў большасці выпадкаў з’яўляўся ўласнікам і вёскі, і зямельных угоддзяў.

У тапаніміі Жлобінскага раёна ёсць назвы-арыенціры (Заброддзе, Забалоцце, Зарэчча, Залужжа, Залессе, Замосце, Заграддзе, Падлессе, Прыдарожжа, Прырэчча); назвы, якія ўказваюць на месцы промыслаў (Рудня, Старая Рудня, Гуцішча); геаграфічныя тэрміны ў назоўным склоне адзіночнага ліку, якія без усялякага змянення сталі ўласнымі найменнямі населеных пунктаў з азначэннямі ці без азначэнняў (Даліна, Зялёная Даліна, Затон, Зялёны Краж, Дубовая Града, Чарцёж, Сяліба, Бор, Тапіла, Лісі Лог, Машок, Парасля, Гнілая Лужа, Ключ); назвы-прыметнікі, якія характарызуюць або навакольную мясцовасць, або само пасяленне (Зломнае, Саланое, Сельнае, Шчытнае, Папаратнае, Заваднае, Ямнае); назвы-метафары (Амерыка); мемарыяльныя назвы (Кірава, Леніна); тапонімы, перанесеныя з іншых мясцовасцей (Новыя Маркавічы, Новы Мазалаў); культавыя найменні, звязаныя яшчэ з язычніцкім часам (Святое).

Немалую частку жлобінскай тапаніміі складаюць так званыя тапонімы-саветызмы, гэта значыць геаграфічныя найменні, якія ўзніклі ў час існавання СССР (Акцябр, Дружны, Зораўскі, Кастрычнік, Васход, Ленінскі, Красная Звязда, Савецкая, Верны, Першамайск, Хлебароб, Прывітанне і г. п.).

Такія назвы пры ўзнікненні мелі абстрактна-сімвалічнае значэнне, выконвалі, акрамя адраснай, таксама ідэалагічную функцыю, падкрэслівалі перавагу савецкага ладу жыцця, прагназавалі светлую будучыню. Сёння гэтыя назвы выконваюць выключна адрасную функцыю і з’яўляюцца асемантызаванымі знакамі, гэта значыць пазбаўлены пэўнага сэнсу. Іх можна лічыць моўнымі помнікамі савецкай эпохі.

У Жлобінскім раёне, як і ў любой іншай мясцовасці, ужываецца шмат мікратапонімаў – уласных абазначэнняў балот, азёраў, ручаёў, нізін, узвышаных месцаў, лясоў, лугоў, палёў, урочышчаў, частак населеных пунктаў, дарог, месцаў археалагічных помнікаў і г. д., напрыклад: рэчка Чарночка, месца Мосцік, раён Карпілаўка, Карпілаўскае возера, Санаторскія Горы (тэрыторыя горада Жлобіна); Хітраўка, Пагарэлае, Дзедаўка (часткі вёскі Старая Рудня); Жукаў гай, Кацярынінскі шлях, Гаеў брод (наваколлі вёскі Чорная Вірня); поле Раманаўка, балота Мох (наваколлі вёскі Рэкта); нівы Мікалаеў Беражок, Скрыня, Плёсы; Марусіна крыніца; месца гулянняў Хрысцініна Палянка, урочышчы Макараўка, Куляшоў Гарод, Лёмаў Расцяроб, Яблынец; балоты Стужэцкае, Хацеча (наваколлі вёскі Кіцін) і г. п.

У мікратапонімах звычайна адлюстраваны розныя геаграфічныя рэаліі, падзеі мясцовай гісторыі, імёны людзей, якія жылі ў пэўных населеных пунктах. Мікратапонімы, у адрозненне ад уласна тапонімаў, вядомы толькі ў межах таго пасялення, дзе яны і ўтварыліся.

© А. Ф. Рогалеў. Родныя назвы (тапанімія Жлобінскага раёна) // «Святло каштоўнасцей духоўных. Жлобінскі край: мінулае і сучаснасць» / Пад агульнай рэдакцыяй В. С. Новак, А. А. Станкевіч. – Гомель: ААТ «Палесдрук», 2009. – 544 с. (С. 137–184). ISBN 978-985-6632-81-8

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.