Поиск по этому блогу

воскресенье, 23 июля 2023 г.

Жлобінскі раён (Беларусь). Касакоўка, Касагі

 

На старажытным рэчышчы Дняпра ў Папаратнянскім сельсавеце Жлобінскага раёна існуе старадаўняя вёска Касакоўка. Згодна з мясцовым паданнем, калісьці ў гэтым пасяленні жыў знакаміты на ўсю акругу каваль. Ён вырабляў цудоўныя косы, якія карысталіся вялікім попытам у мясцовых сялян. Гэтыя косы, як гаворыцца ў паданні, былі настолькі каштоўнымі для тутэйшых жыхароў, што апошнія пачалі называць вёсачку, дзе жыў каваль, Касакоўкай.

Дадзенае паданне з’яўляецца цікавым прыкладам народнага асэнсавання незразумелай назвы. Мы не падвяргаем сумненню сам факт магчымага пражывання ў вёсцы ўмельца-каваля. Аднак ў назве Касакоўка выразна вылучаецца аснова Касак-, якую немагчыма тлумачыць пры дапамозе слова каса. Гэтая аснова, хутчэй, звязана з прозвішчам ці мянушкай тыпу Касак. I першапачатковай формай назвы вёскі Касакоўка, напэўна, была форма Касакова.

Антрапонім Касак суадносіцца з абазначэннем касагі, якое было вядома ў мінулым у суседнім з Касакоўкай кутку старажытнай жлобінскай зямлі, на тэрыторыі сучаснага Малевіцкага сельсавета. Тут да снежня 1966 года была вёска Касагі, якая злілася з населеным пунктам Казімірава і як самастойнае пасяленне перастала існаваць. Назва Касагі́ ўтварылася ад калектыўнай мянушкі касагі́. Каго ж так называлі?

Калі зазірнуць у старажытнарускі летапіс “Повесть временных лет”, напрыклад. на старонку пад запісам “у год 6530 (1022)”, то мы знойдзем наступную інфармацыю (цытую): «…У той жа час Мсціслаў знаходзіўся ў Тмутаракані і пайшоў на касогаў. Князь касожскі Рэдзедзя выйшаў супраць яго. І, калі сталі абодва палкі адзін супраць другога, сказаў Рэдзедзя Мсціславу: “Дзеля чаго пагубім дружыны? Але сыдземся, каб пазмагацца самім. Калі пераможаш ты, возьмеш маё багацце і жонку маю, і дзяцей маіх, і зямлю маю. Калі ж перамагу я, то вазьму ўсё тваё…”».

Мсціслаў Уладзіміравіч, князь тмутараканскі, перамог у тым жорсткім, але справядлівым і сумленным адзінаборстве, а пасля зрабіў так, як дамовіўся з Рэдзедзяй: забраў яго багацці, налажыў на касогаў і касожскую зямлю вялікую даніну і, як звычайна бывала, прывёў у сваю зямлю немалы палон, які рассяліў, як можна меркаваць, па ўскраінах сваіх уладанняў.

Тэрыторыя сучаснага Жлобінскага раёна ў XI стагоддзі ўваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства, прычым знаходзілася на яго паўночных рубяжах. Калі мы выяўляем на гэтай тэрыторыі геаграфічныя назвы, якія дастаткова надзейна звязваюцца з этнічным найменнем касогаў, то заканамерным будзе такі вывад: пасяленні Касагі і Касакоўка – гэта даўнія пункты размяшчэння палонных касогаў. Апошнія былі паселены тут, каб асвойваць некранутыя лясныя прасторы, карчаваць лес, займацца паляваннем, іншымі гаспадарчымі справамі і тым самым прыносіць даход княжацкай казне.

Але ж Мсціслаў тмутараканскі стаў правіцелем Чарнігаўскага княства толькі пасля 1023 года. Таму, калі ён і пасяліў палонных касогаў на тэрыторыі сучаснай Жлобіншчыны, то зрабіў гэта не пасля паходу 1022 года, а пазней, у час свайго княжання ў Чарнігаве ў 1024–1036 гадах.

Не выключана, што Касагі і Касакоўка – гэта не пасяленні палонных, а вартаўнічыя заставы на паўночных рубяжах Чарнігаўскага княства. У такім выпадку ў гэтых пасяленнях жылі не палонныя касогі, а наёмныя касожскія воіны.

Касогі – гэта продкі сучасных носьбітаў адыгейскай і кабардзіна-чэркескай моў. З касогамі ўсходнія славяне мелі даволі трывалыя гандлёвыя, палітычныя і ваенныя сувязі. Вядома, напрыклад, што касогі дасылалі ў Верхняе Падняпроўе металы. А ў 1023 годзе ўжо згаданы намі тмутараканскі князь Мсціслаў разам з касогамі і хазарамі хадзіў паходам на Кіеў, на свайго брата Яраслава, які ўвайшоў у гісторыю пад мянушкай Мудры.

У час мангольскага нашэсця і ў наступны перыяд у старажытнарускіх крыніцах касогі сталі называцца чэркесамі і чаркасамі (пад уплывам, відаць, заходнееўрапейскіх моў і пісьмовых помнікаў, дзе дадзеныя імёны выкарыстоўваліся і раней). У пісьмовых крыніцах усходніх краін продкаў сучасных адыгейцаў, кабардзінцаў і чэркесаў (касогаў) абазначалі словам кашакі, кешакі. Што ж датычыцца слова чаркасы (чэркесы), то па паходжанні яно з’яўляецца іранскім (скіфскім) з першапачатковым значэннем “ястрабы-кураеды”.

У наваколлях гарадскога пасёлка Стрэшын Жлобінскага раёна ўпадае ў Днепр рэчка Окра, назва якой можа быць растлумачана пры супастаўленні з фактамі заходнекаўказскіх (абхаза-адыгскіх) моў (параўнайце аварскае слова аквара, акуара – “рэчка”, “горная рэчка”, літаральна – “цячы”, “сцякаць”).

© А. Ф. Рогалеў. Родныя назвы (тапанімія Жлобінскага раёна) // «Святло каштоўнасцей духоўных. Жлобінскі край: мінулае і сучаснасць» / Пад агульнай рэдакцыяй В. С. Новак, А. А. Станкевіч. – Гомель: ААТ «Палесдрук», 2009. – 544 с. (С. 137–184). ISBN 978-985-6632-81-8

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.