Поиск по этому блогу

воскресенье, 23 июля 2023 г.

Пра назвы Днепр, Барысфен, Данапрыс, Славуціч

Упершыню рака Днепр была згадана старажытнагрэчаскім гісторыкам Герадотам у V стагоддзі да новай эры пад назвай Барысфен. Гідронім Барысфен тлумачаць па-рознаму.

Па адной з версій, гэтая назва паходзіць са старажытнай грэчаскай мовы і азначае “паўночная рака”. Згодна з іншым меркаваннем, якое ў апошні час прымаецца большасцю даследчыкаў, Барысфен з’яўляецца іранскай (скіфскай) назвай і суадносіцца са старажытнымі іранскімі праформамі *vāru – “шырокі” + *stāna – “стаянка, стан”.

Сучасная назва ракі ўпершыню з’явілася ў рымскіх крыніцах VI стагоддзя ў формах Данапрыс і Данапер. Некаторыя даследчыкі бачылі ў гідроніме Данапрыс мадыфікацыю папярэдняй назвы Барысфен: Бары-сфен, Бары-сцен Бары-стан Тана-бар (перастаноўка кампанентаў назвы) Дана-пар Данапер, Данапрыс.

Лічыцца, што назва Данапрыс ўзнікла ў ніжнім цячэнні ракі ў мове ўсё тых жа іранамоўных скіфаў, якія жылі ў стэпах Прычарнамор’я. Скіфы разумелі назву як “глыбокая рака”, а сам гідронім складаецца з дзвюх іранскіх каранёвых асноў: *dānu“вада”, “рака” + *apr, arp – “водная глыбіня”[1].

Ва ўсходнеславянскім паэтычным фальклоры Днепр выступае пад назвай Славута, Славуціч, якую часта тлумачаць як “слаўная рака”. Але ў каранёвай частцы гэтай назвы (Слав-) лепш бачыць рэалізацыю індаеўрапейскай каранёвай асновы *kleu-, *sreu- у значэннях “цячы”, “цячэнне”, “паток” і вельмі старажытнага інтэрнацыянальнага кораня ут-, уд- – “вада”. Дарэчы, формы *kleu-, *sreu- роднасныя індаеўрапейскай каранёвай аснове *rei- – “рака”.  Не выключана, што Славута, Славуціч – гэта даўняе славянскае найменне Дняпра.

Дарэчы, адным з прытокаў Прыпяці ў яе ніжнім цячэнні з’яўляецца рака Славечна, назва якой тлумачыцца якраз на аснове згаданых індаеўрапейскіх праформ.

У Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці існуе вёска Славань (у крыніцах XIX стагоддзя – Слаун), назва якой таксама ўтворана ад абазначэння нейкага воднага аб’екта (хутчэй за ўсё, возера, на якім мелася цячэнне).

У Верхнім Падняпроўі ёсць рэчка Славаж (Словаж), у басейне Дзясны – Славігошч, у басейне Сожа – Славянка. У басейне Прыпяці вядома рэчка Няслоўка, назва якой указвае на адсутнасць цячэння, на вадацёк, які, відаць, перасыхае летам. Назва Няслоўка (Няслаўка) характэрная таксама для забалочаных рэчак. Вернемся, аднак, да гідроніма Днепр.

Трэба сказаць, што першая частка  назвы Данапер, Данапрыс, Днепр (Дан-, Дн-) ідэнтычная гідроніму Дон і маецца таксама ў складзе гідронімаў Днестр і Дунай (Дне-стр), (Дун-ай)[2]. У змененым выглядзе яна відавочная таксама ў наступных гідронімах: Дарготня, Драгатунь, Вяжэтня, Трубатня, Тунька (Верхняе Падняпроўе), Дунька (басейн Дзясны), Дунка (басейн Акі), Недна (басейны Дзясны і Сожа).

Другая частка гідроніма Днепр (-пр) можа разумецца не толькі ў сувязі з іранскім *apr, калі ўлічыць наяўнасць яе ў складзе наступных гідронімаў: Проня, Перанка, Піранка, Апароць, Апарат, Вопрыт[3] (басейн Сожа), Пра, Прэянка, Перыца, Проня (басейн Акі), Прэя (басейн Дзясны), Супрута (правы прыток Дняпра, басейн Акі) і іншых.

У пералічаных назвах кампанент пр-, пер-, пір-, пар- перадае значэнне хуткага, імклівага цячэння ракі. Гэты ж кампанент маецца і ў слове пруд, якое ў старажытнарускай мове, у прыватнасці, азначала “паток”, “цячэнне”, “напор” (параўнайце чэшскае слова proud і  славацкае prud – “паток”, “цячэнне”). Такім чынам, этымалагічным значэннем гідроніма Днепр (Дне-пр) можа быць не “глыбокая вада, рака”, а “рака з хуткім цячэннем”, што, дарэчы, таксама адпавядае рэчаіснасці.



[1] Гл.: Гідронімія Украïни в ïï міжмовних і міждіалектних зв’язках. – Киïв: Наукова думка, 1981. – С. 14–18.

[2] Назва Днестр уяўляе сабой спалучэнне двух тэрмінаў:  іранскага *dānu“вада”, “рака” + фракійскага istros – “хуткае цячэнне” (апошні геаграфічны тэрмін суадносіцца з індаеўрапейскай формай *str-, *sr- – “хуткі”, з якой звязаны славянскія геаграфічныя тэрміны струга – “фарватэр ракі”; “ручай, рачулка, пратока”; “цячэнне на балоце”  і струмень – “ручай”; “цякучая вада”; “паток”, а таксама англійскае слова stream – “паток”, “ручай”, “рака”, латышскае straume – “рака” і іншыя). Формы *str-, *sr- развіліся з індаеўрапейскай каранёвай асновы *rei- / *roi- – “рака”.

Гідронім Дунай (больш рэдкая і старажытная форма – Дунаў) мае дзве часткі: *dānu – “вада”, “рака” + -аў – “вада”, “рака”; параўнайце персідскае ав, аві – “рака”; санскрыцкае āp – «вада», «рака»; латышскае upe – “рака”; гідронім Воп як назву правага прытока верхняга цячэння Дняпра.

Цікава зазначыць, што назва Дунай (Дунаў) у мінулым распаўсюджвалася толькі на верхняе цячэнне ракі. У сярэднім і ніжнім цячэнні Дунай у антычных аўтараў называўся толькі Істрам (гл. Днестр).

Выказвалася думка, што першая частка назвы Дунай (Дунав) не з’яўляецца іранскай і ўзыходзіць да старажытнай каранёвай асновы *dun(a), паходжанне якой вызначыць цяжка, бо яна можа быць даіндаеўрапейскай па сваіх вытоках.

На тэрыторыі Беларусі назву Дунай носяць некаторыя невялікія рачулкі. Вядома таксама старадаўняе найменне часткі горада Віцебска – Задуноўе (літаральна – “тэрыторыя за рэчкай Дунайкай”). Ва ўкраінскай мове дунай – “калюга”, “мокрае месца, лужына, балоціна”; у польскай мове dunaj – “глыбокая рака з высокімі берагамі”, “вялікая вада”, “балота”; у рускіх дыялектах дунай – “мора”, “рака”, “ручай”; у літоўскай мове dunayus – “вялікая рака”, “глыбіня”; у беларускіх гаворках слова дунай ужываецца часам як агульная назва вялікай ракі.

[3] А-пар-оць, А-пар-ат, Во-пр-ыт, дзе часткі -оць, -ат, -ыт азначаюць “вада”, начальныя ж гукі [А-] [Во-] развіліся ў гаворках для больш зручнага вымаўлення назваў.

© А. Ф. Рогалеў. Родныя назвы (тапанімія Жлобінскага раёна) // «Святло каштоўнасцей духоўных. Жлобінскі край: мінулае і сучаснасць» / Пад агульнай рэдакцыяй В. С. Новак, А. А. Станкевіч. – Гомель: ААТ «Палесдрук», 2009. – 544 с. (С. 137–184). ISBN 978-985-6632-81-8

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.